ТО́ЕСНАСЦІ ПРЫ́НЦЫП,
фундаментальны прынцып квантавай механікі, паводле якога тоесныя часціцы пры квантавамех. апісанні іх станаў лічацца прынцыпова неадрознымі.
Гэта азначае, што станы фіз. сістэмы, якія адрозніваюцца перастаноўкамі тоесных часціц, лічацца адным станам; у адрозненне ад класічнай механікі, дзе за кожнай часціцай можна прасачыць па яе траекторыі, у квантавай механіцы паняцце траекторыі адсутнічае і тоесныя часціцы страчваюць сваю індывідуальнасць. З Т.п. вынікае, што сістэма тоесных базонаў павінна апісвацца поўнасцю сіметрычнымі (адносна перастановак каардынат і спінавых пераменных), а сістэма тоесных ферміёнаў — поўнасцю антысіметрычнымі хвалевымі функцыямі. З Т.п. вынікае таксама існаванне ў сістэмах тоесных часціц спецыфічных квантава-мех. абменных эфектаў, напр., абменнага ўзаемадзеяння.
А.А.Богуш.
т. 15, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)